«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,
вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
С.Х.Александровіч.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)